Здароўе чалавека –- галоўны прыярытэт

24 августа 2012

Здароўе чалавека –- галоўны прыярытэт

24 жніўня, Лепель /Уласн. інф./ Прыемна заўважаць, як паступова паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў нашага раёна. Практычна ўсе аддзяленні бальніцы набылі сучасны, прыгожы знешні выгляд.

24 жніўня, Лепель /Уласн. інф./ Прыемна заўважаць, як паступова паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў нашага раёна. Практычна ўсе аддзяленні бальніцы набылі сучасны, прыгожы знешні выгляд.

Набываецца больш якаснае, высокатэхналагічнае абсталяванне, што дазваляе больш дасканала абследваць арганізм хворага, праводзіць складаныя маніпуляцыі. Штат медыцынскіх работнікаў паступова папаўняюць выпускнікі сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія паспяхова праяўляюць свае веды на практыцы, ахвотна пераймаюць вопыт у старэйшых калег. З 18 кастрычніка 2011 года ўстанову аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” ўзначальвае Аляксандр Пішчулёнак, хірург вышэйшай катэгорыі, які аддаў рабоце ў медыцыне больш за дваццаць год.

- Аляксандр Генадзьевіч, на пасадзе галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Вы працуеце амаль год. 
Найважнейшы прыярытэт -- захаванне галоўнай каштоўнасці –- здароўя і фізічнага дабрабыту чалавека. Трэба забяспечыць якаснае лячэнне хворых і стварыць для іх неабходныя ўмовы. Вельмі вялікі і важны пласт работы –- гэта мадэрнізацыя, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. У гэтай галіне зроблена нямала. Згодна з рэспубліканскай Праграмай адраджэння і развіцця вёскі, значная колькасць фінансавых сродкаў затрачана на правядзенне рамонтных работ у шэрагу фельчарска-акушэрскіх пунктаў нашага раёна. Праведзена мадэрнізацыя будынка Новавалосавіцкага дзіцячага сада, і зараз у гэтым добраўпарадкаваным памяшканні знаходзіцца Новавалосавіцкая сельская ўрачэбная амбулаторыя. Тут праведзены бягучы рамонт, завезена новае, сучаснае абсталяванне. Завершаны рамонт Матырынскага і Чэрскага фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Створаны выдатныя ўмовы для пажылых людзей у Пышнянскай бальніцы сястрынскага догляду. Даведзены да ладу памяшканне Домжарыцкай, Каменскай і Пышнянскай урачэбных амбулаторый.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем устаноўцы аўтаномнай пажарнай сігналізацыі. АПС праведзена ў памяшканнях амбулаторый у аграгарадку Слабада, вёсках Бароўка, Заслонава, Суша, Грыгаравічы, Чэрцы і Горкі.

Паміж дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля”, міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” і ўстановай аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” падпісаны кантракт аб будаўніцтве ФАПа ў вёсцы Стары Лепель. Пры ўзвядзенні сцен выкарыстоўваюцца доўгія драўляныя стружкі, а пры абсталяванні даху -- чарот –- экалагічна чысты матэрыял. У такім будынку заўсёды захоўваецца аптымальная тэмпература. Па такой жа тэхналогіі запланавана ўзвесці і дом для сям’і медыцынскіх спецыялістаў, якія будуць працаваць на ФАПе. На будаўніцтва арганізацыяй “Дамы замест Чарнобылю” і міжнародным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” выдзелена 300 тысяч еўра. Узводзяць ФАП валанцёры з Германіі, а таксама з Мінска, Віцебска, Гродна і г.д. Завяршыць будаўніцтва плануецца ў 2013-ым годзе.
 
Закончана мадэрнізацыя газавага забеспячэння цэнтральнай раённай бальніцы, праведзена новая сістэма размеркавання кіслароду ў аддзяленнях рэанімацыі і анэстэзіялогіі, гемадыялізу, у дзіцячым і радзільным аддзяленнях, аперацыйным блоку. Камфортна хворым у інфекцыйным аддзяленні, дзе праведзены рэканструкцыя і мадэрнізацыя. Завершаны бягучы рамонт гінекалагічнага аддзялення, дзіцячае -- забяспечана новымі ложкамі і сталамі. Сёлета адкрыта новае, міжраённае аддзяленне судовай медыцыны. Для пажылых адзінокіх людзей і тых, якія адзінока пражываюць, на базе бальніцы ўведзена 15 сацыяльных ложкаў.

Праведзены патрэбныя рамонтныя работы ў масажным кабінеце. Па ўсіх правілах еўрапейскага стандарту вядзецца рэканструкцыя кабінета водалячэння, з КУП ДРАЦ “Жамчужына” для кабінета перададзены дзве ванны. Закуплены новыя інгалятары ў аддзяленне фізіятэрапіі, дзіцячае аддзяленне, новыя шпрыцавыя дазатары для аддзялення рэанімацыі і анэстэзіялогіі, дзіцячага і інфекцыйнага.

Харчовы блок бальніцы ўкамплектаваны новым халадзільным абсталяваннем, закуплена новая рэнтгеналагічная ўстаноўка італьянскай вытворчасці для раённай стаматалагічнай паліклінікі. Для аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі набыты рэамабіль, які ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем для аказання экстранай медыцынскай дапамогі пацярпеламу ў аварыі, цяжка хвораму чалавеку. Тут устаноўлены электракардыёграф, дэфібрылятар з маніторам, наркозны апарат, апарат для правядзення штучнага дыхання, патрэбныя мабілізацыйныя прыстасаванні. Зараз вядзецца тэндэрны працэс набыцця трох новых санітарных аўтамабіляў.

Паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы садзейнічае аказанне платных паслуг. За фінансавыя сродкі, заробленыя пры правядзенні платных паслуг, набыта новае масажнае крэсла, набыта міні-сауна.

Завершаны рамонт у фае паліклінікі, рэгістратуры, гардэроба і кіёска. Запланавана правесці рамонт памяшкання дзіцячай рэгістратуры.

Для падтрымання належнага ўзроўню дысцыпліны ўстаноўлена сістэма відэаназірання ў прыёмным пакоі, вестыбюлі галоўнага ўваходу з месячным запісам.

Фае паліклінікі аснашчана сістэмай відэавяшчання з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для мадэрнізацыі даху, а менавіта над адміністрацыйным корпусам, памяшканнямі паліклінікі, дзіцячага аддзялення і пральні. Хуткімі тэмпамі рамантуецца хірургічнае аддзяленне.

Закуплены новыя ложкі, новае медыцынскае абсталяванне для аказання адэкватнай медыцынскай дапамогі.

Для зручнасці работнікаў бальніцы, пацыентаў у фае бальніцы адкрыта кафэ з шырокім выбарам паўфабрыкатаў, кулінарных, кандытарскіх вырабаў, кожны дзень складаецца абедзенае меню трох відаў.

Сёлета ў памяшканні бальніцы пачало дзейнічаць бюро рытуальных паслуг.
 
Закуплены сістэмы сутачнага манітарыравання артэрыяльнага ціску, сутачнага манітарыравання электракардыяграмы “Holter”, перадаём складаныя электракардыяграмы ў Віцебскі кардыялагічны дыспансер для ўдакладнення дыягназу. Зараз мы чакаем паступлення новага аплачанага абсталявання для ультрагукавога даследавання крываносных сасудаў, маем магчымасць праводзіць ультрагукавое даследаванне сэрца.

У бягучым годзе да нас прыехалі працаваць два ўрачы-тэрапеўты, адзін малады спецыяліст скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і працуе інструктарам лячэбна-фізічнай культуры. Акрамя таго, у нас працуе пяць інтэрнаў, 12 маладых спецыялістаў сярэдняга звяна. Многія на Лепельшчыне стварылі свае сем’і, і ёсць надзея, што яны застануцца працаваць у нашым раёне. Усіх маладых урачоў забяспечваем службовым жыллём. Разам з тым кадравая праблема застаецца актуальнай. У нас няма акуліста, псіхіятра, не хапае аталарынголага, адчуваецца недахоп медсясцёр.

- На базе радзільнага аддзялення дзейнічае Школа мацярынства. Вопытная акушэрка Галіна Тухта некалькі разоў у тыдзень праводзіць заняткі з маладымі бацькамі па курсе “Мы чакаем цябе, малыш!”. У дасціпнай форме цяжарным жанчынам і будучым татам даюцца кансультацыі, парады, як паводзіць сябе напярэдадні і ў час родаў, карміць і даглядаць малыша.

Сёлета мы пачалі праводзіць аперацыі з выкарыстаннем лапараскопа пры гінекалагічных паталогіях –- пазаматачнай цяжарнасці, бясплоддзі, стэрылізацыі.

І ўрачы, і медсёстры павышаюць прафесійную кваліфікацыю кожныя пяць год. Для сярэдняга медперсаналу створаны графікі павышэння кваліфікацыі.

Адзначу, што мы першыя ў вобласці ўвялі дадатковую пасаду санітара ў аддзяленні хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, што ў многіх выпадках дазволіць адэкватна аказваць неабходную дапамогу хвораму.

Новыя формы і метады работы з пацыентамі ў значнай ступені садзейнічаюць паляпшэнню дэмаграфічнага становішча ў раёне. Прыемна адзначыць, што Лепельскі раён займае апошняе месца ў Віцебскай вобласці па колькасці смяротных выпадкаў: мы маем усяго 16, 4 праміле на адну тысячу чалавек. Колькасць нованароджаных да ўзроўню мінулага года дасягнула 122 працэнты.

Зараз вядуцца тэндэрныя мерапрыемствы па закупу новай, дэнталагічнай устаноўкі для стаматалагічных паслуг.
Мяркую, што пры належнай фінансавай падтрымцы, павелічэнні платных паслуг мы зможам ажыццявіць шмат планаў, зрабіць шэраг карысных спраў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

На здымку: галоўны ўрач установы аховы здароўя
“Лепельская ЦРБ” Аляксандр Пішчулёнак