Жанчыны года Лепельшчыны

18 марта 2011

Жанчыны года Лепельшчыны

Жанчына-маці, жанчына-каханая, жанчына працаўніца –- шмат граняў у самай прыгожай паловы чалавецтва. Напярэдадні свята жанчын у раённым доме культуры адбылася ўрачыстая падзея – ушанаванне Жанчын 2010 года Лепельшчыны. Менавіта такім чынам было вырашана адзначыць іх неацэнны ўклад у высокія дасягненні народнай гаспадаркі, у наша жыццё.

Як жа вызначыць лепшых? Цяжкае пытанне паўстала перад арганізатарамі. Трэба ж адзначыць і працу, і ўклад у грамадскае жыццё, і аўтарытэт у працоўным калектыве. Не менш важна ахапіць усе сферы жыццядзейнасці раёна, бо жанчыны усюды працуюць нароўні з мужчынамі, а ў некаторых галінах – нават лепей.

 Разгледзеўшы і абмеркаваўшы мноства кандыдатур, райвыканкам прыняў рашэнне званнем Жанчына 2010 года Лепельшчыны, Ганаровымі граматамі і прэміямі ўзнагародзіць загадчыцу Матырынскага сельскага клуба Людмілу Пшанко, намесніка старшыні райспажыўтаварыства Тамару Гарбачову, урача-стаматолага Таццяну Малец, кіраўніка гуртка ЦРАЦ “Жамчужына” Наталлю Сушко, начальніка кансервавага цэха МКК Ганну Плігаўка, аператара льнозавода Ніну Ігнатовіч, майстра цэха камбікормавага завода Святлану Пшанко, трактарыстку ААТ “Лядна” Галіну Матырка і начальніка вытворчага аддзела ПМК-75 Ніну Судас. Кветкі, Ганаровыя граматы і прэміі жанчынам у актавай зале РДК уручаў першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Куранны. На ўрачыстай цырымоніі ён ад сябе дадаў нямала шчырых слоў у адрас усіх жанчын Лепельшчыны.

 Пасля ўручэння грамат сцэну занялі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Віктара Іванавіча і Наталлі Васільеўны Джамілашвілі, якія далі яскравае прадстаўленне для ўсіх жанчын, якія сабраліся ў зале. А зала, дарэчы, у той дзень была поўная. Паглядзець на поспехі юных спевакоў, танцораў, музыкантаў прыйшлі іх бацькі. Раз-пораз у зале міргалі ўспышкі фотакамер, мамы і таты здымалі найбольш яркія моманты выступленняў.

С. БАЗЫЛЬ
Фота аўтара

 На здымку: Жанчыны 2010 года Лепельшчыны і Уладзімір Куранны.