Жніво на прысядзібных участках

13 августа 2013

Жніво на прысядзібных участках

Паралельна са жнівом на палетках сельгасарганізацый пачаўся абмалот збажыны на сотках вяскоўцаў.   Сёлета трэба абмалаціць 1919 участкаў агульнай плошчай 459,6 гектара. З аднаго боку, гэта, здаецца, не так і шмат.

Паралельна са жнівом на палетках сельгасарганізацый пачаўся абмалот збажыны на сотках вяскоўцаў.  

Сёлета трэба абмалаціць 1919 участкаў агульнай плошчай 459,6 гектара. З аднаго боку, гэта, здаецца, не так і шмат. Аднак трэба ўлічваць спецыфіку. Самае галоўнае -- контурнасць участкаў. Вяскоўцы сеюць палеткі па 20 – 30 сотак, рэдка большыя. А ёсць жа і ўчасткі і меншыя. Натуральна, што габарытнаму камбайну на такіх працаваць вельмі нязручна. На намалот аднаго цэнтнера зерня ў такім выпадку спажываецца нашмат больш паліва, чым на працу на шырокім полі.

Найперш будуць задзейнічаны камбайны камунальных унітарных прадпрыемстваў (КУПаў), створаных пры сельвыканкамах. Камбайн Дон-1500 ёсць у КУП “Аграпамочнік”, якое працуе ў Валосавіцкім сельсавеце. Тэхніка, вядома, старая, аднак механізатар навёў яе. У вёсцы Стайск быў адзін участак, яго ўжо і абмалацілі. У вёсцы Весялова з чатырох участкаў абмалочаны тры, на адным збажына яшчэ не выспела. Другі дзень камбайнер працуе ў Новых Валосавічах.
 Пры Слабадскім сельсавеце працуе КУП “Свяда”. Камбайнам КЗС-7 абмалочаны некалькі ўчасткаў у Свядзіцы, пераехалі ў Слабаду.

ААТ “Дражна” мае камбайн Ліда-1300, але не мае пасеваў, яго і выкарыстоўваюць для абмалотаў агародаў сваіх работнікаў, а таксама жыхароў бліжэйшых вёсак.
Марат Чувілін з Чарэйшчыны і Аляксандр Ладзік з Губіна маюць у прыватнай уласнасці камбайны Енісей-1200. Яны будуць задзейнічаны толькі на абмалотах агародаў.

Камбайны сельгасарганізацый  будуць працаваць пераважна па прынцыпу “спачатку – калгаснае, потым – вясковае”. Толькі пасля таго, як будуць убраны збожжавыя з вялікіх палеткаў, іх пусцяць на агароды. Аднак зноў жа ўлічым спецыфіку. Сельгаспрадпрыемствы ўзбуйненыя, да некаторых палёў і вёсак ездзіць далёка, нявыгадна па некалькі разоў пераганяць энерганасычаную тэхніку. Таму на аддаленых участках пасля ўборкі палёў камбайны будуць абмалочваць і вясковыя соткі. Напрыклад, землі вакол Дзямешкава і Халімонава апрацоўвае ААТ “Лядна”, яны ж адразу пасля абмалоту сваёй збажыны сажнуць і соткі вяскоўцаў. ААТ “Ладасна” таксама дапаможа вяскоўцам з Задораў.

У Пышне, дзе няма буйных сельгаспрадпрыемстваў,два гаспадары мелі камбайны, яшчэ летась апрацоўвалі соткі аднавяскоўцаў, але сёлета яны сваю тэхніку прадалі. Дамаўляемся з кіраўніцтвам СФГ “ВалБіК”, яны маюць камбайн Ліда-1300, а сваіх пасеваў збожжавых няма. Дамаўляемся і з кіраўніцтвам СФГ “Азімка”, каб таксама прыйшлі на дапамогу, у іх ёсць два камбайны. Як абмалоцяць свае гектары, выедуць і на вясковыя соткі.

Спецыялісты разлічылі расходы і рэкамендавалі расцэнку за абмалот у памеры шасці тысяч рублёў за сотку. Сельгаспрадпрыемствы для сваіх работнікаў і пенсіянераў могуць прымяняць іншыя, льготныя расцэнкі.

Васіль МАТЫРКА