Зорка надзеі

24 октября 2012

Зорка надзеі

24 октября, Лепель /Соб.инф./. Людзі-інваліды… Як жа патрэбны ім нашы штодзённыя падтрымка, клопат і ўвага!

24 октября, Лепель /Соб.инф./. Людзі-інваліды… Як жа патрэбны ім нашы штодзённыя падтрымка, клопат і ўвага! Нягледзячы на фізічныя недахопы гэтым людзям вельмі хочацца знайсці сябе ў пэўнай прафесіі, дарыць сваю творчасць іншым, знаходзіць сяброў і радавацца яркім момантам жыцця. 

На базе Тэрытарыльянага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва першага снежня 2009 года было створана аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.

За некалькі год работы заўважаем станоўчы вынік. Маладыя інваліды, якія раней былі замкнёныя ў сабе, былі засяроджаны на сваіх цяжкасцях, зараз сталі больш актыўныя, камунікабельныя.

Сярод людзей з фізічнымі недахопамі - паэты, мастакі, музыканты, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, імёны якіх добра вядомыя аматарам мастацтва не толькі нашага раёна.

Шмат гасцей штогод збірае фестываль творчасці інвалідаў “Зорка надзеі”, які праводзіцца ў раённым Доме культуры. Арганізуецца выстава твораў інвалідаў, радуюць сваімі ўдалымі выступленнямі гледачоў самадзейныя паэты, музыканты і спевакі.

Наладжана цеснае супрацоўніцтва з цэнтральнай раённай бібліятэкай, дзе часта праводзяцца кіналекторыі, арганізуюцца цікавыя конкурсы і віктарыны. Маладыя інваліды з задавальненнем удзельнічаюць у скайп-канферэнцыях. Праз інтэрнет у лепяльчан нарадзілася сяброўства з жыхарамі горада Балахна Ніжагародскай вобласці, якія ўваходзяць у склад таварыства інвалідаў. Такім чынам у моладзі ёсць выдатная магчымасць расказаць аб сваіх буднях, падзяліцца цікавымі ідэямі і набыць новых сяброў.

Надоўга запомніцца маладым інвалідам паездка ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Аўтобус быў выдзелены аддзелам адукацыі райвыканкама. Хлопцам і дзяўчатам вельмі цікава было пабываць у музеі прыроды, убачыць жывёл у лясным заапарку.

Маладыя інваліды цікава праводзяць вольны час і ўдасканальваюць сваё майстэрства, паспяхова авалодваюць рознымі відамі мастацтва. Так, сёлета лепельскія майстры прадставілі свае цудоўныя вырабы на абласной выставе творчасці інвалідаў “Мы разам з вамі”, якая праходзіла ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Сярод мноства арыгінальных работ дастойнае месца занялі прыгожыя карціны, вышытыя крыжыкам Аленай Жарнасек, работа Вольгі Сакалоўскай, дзе спалучылася некалькі тэхнік выканання. Уразіў гледачоў цудоўны кошык з кветкамі, выраблены з бісеру, -- калектыўная работа маладых майстроў аддзялення для дзённага знаходжання інвалідаў.   

Свой чарговы сюрпрыз работнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў падрыхтавалі да Дня маці. У актавую залу Тэрытарыльянага цэнтра былі запрошаны прадстаўнікі раённых арганізацый ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, а таксама ўдзельніцы клуба “Аптыміст” - жанчыны, якія займаюцца выхаваннем дзяцей-інвалідаў. Для гасцей быў накрыты салодкі стол. Цёплую атмасферу стварыла вядучая мерапрыемства Валянціна Кісель. Выдатны настрой усім падарылі выступленні ўдзельнікаў музычнага ансамбля “Мятліца” пад кіраўніцтвам Дар’і Галубковай. Нікога не пакінулі раўнадушным добра вядомыя народныя і папулярныя песні ў выкананні ўдзельнікаў ансамбля. Імі сталі прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Дзяніс Аблавушка ўдала выканаў песні пад баян. Вершы прачыталі Ганна Зямко, Ала Весялова і Дзмітрый Гаўрушын. Госці свята з задавальненнем прынялі ўдзел у гульні “Адгадай мелодыю”, цікавых конкурсах.

У зале не сціхалі вясёлыя жарты, смех, гучалі бадзёрыя акорды песень… Нялёгка быць інвалідам, але людзі з фізічнымі недахопамі насуперак усім жыццёвым цяжкасцям не губляюць аптымізму, радуюцца яркім імгненням жыцця і становяцца прыкладам для акружаючых.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.