Найважнейшыя правілы бяспекі з ратавальнікамі

10 июля 2026

Найважнейшыя правілы бяспекі з ратавальнікамі

У рамках рэспубліканскай акцыі "Бяспечныя канікулы" лепельскія ратавальнікі правялі прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей з прышкольных лагераў, каб нагадаць ім важнейшыя правілы бяспекі жыццядзейнасці.

Работнікі МНС нагадалі дзецям правілы бяспекі ў побыце і на вуліцы. Пра тое, як правільна трэба сябе паводзіць ва ўмовах навальніцы і ў гарачае надвор'е, расказалі, да якіх наступстваў могуць прывесці гульні з запалкамі і запальнічкамі.
– Калі ў доме здарыўся пажар – не панікуйце! Адразу выходзьце на вуліцу і паведаміце аб тым, што здарылася ратавальнікам па нумарах 101 або 112, – вучылі дзетвару работнікі МНС.
У гульнявой форме хлапчукі і дзяўчынкі адпрацавалі алгарытм выкліку службаў экстранага рэагавання і парадак эвакуацыі з небяспечнай зоны. Не абышлося і без загадак, рэбусаў і конкурсаў, дзе кожны змог праявіць сябе.
Асаблівую ўвагу прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях удзялілі правілам паводзін на вадаёмах, растлумачыўшы дзетварэ, чым небяспечны свавольствы ў вадзе. Папярэдзілі і аб тым, што хадзіць на раку ці возера без дарослых катэгарычна забаронена.
− Вадаёмы заўсёды застаюцца зонай павышанай увагі. Памятайце, нельга знаходзіцца каля вады адным без дарослых. Не заплывайце за буйкі, не песціцеся ў вадзе, калі дрэнна плаваеце, абавязкова апранайце нарукаўнікі, выратавальную камізэльку ці круг, – звярнулася інспектар прапаганды да рабят.
Не менш цікавай для школьнікаў стала экскурсія па пажарнай часці, дзе рабяты змаглі бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй ратавальніка. Хлапчукам і дзяўчынкам прадэманстравалі абсталяванне і тэхніку, якую выкарыстоўваюць работнікі МНС пры ліквідацыі розных надзвычайных сітуацый. Школьнікі з задавальненнем пасядзелі ў кабіне пажарнага аўтамабіля, прымерылі баявое адзенне і зрабілі памятныя фота.
У завяршэнні дзеці атрымалі масу станоўчых эмоцый і папоўнілі багаж ведаў у галіне бяспекі.