Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Дарогамі памяці праходзяць удзельнікі Лепельскага аўтаклуба

24.04.2020

Сярод аўтаклубаў Віцебскай вобласці праходзіць патрыятычная акцыя «Дарогамі памяці», прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі. На працягу некалькіх тыдняў супрацоўнікі і калектывы мастацкай творчасці аўтаклубаў выязджалі па месцах баявой славы, каб навесці там парадак. А зараз для нашых артыстаў настаў час ганаровай місіі - прыняць агонь памяці, кнігі «Памяць» Дубровенскага, Талачынскага, Аршанскага і Чашніцкага раёна, а таксама карты з указаннем помніка, дзе адбыліся сустрэчы суседніх рэгіёнаў.

Разам з аўтаклубам раённага Дома культуры накіроўваюся на мяжу Чашніцкага і Лепельскага раёнаў.

Мемарыял «Вішанька» знаходзіцца ў Чашніцкім раёне, быў пабудаваны на месцы адной вёскі, якую напаткаў лёс Хатыні. Разам з артыстамі ўспамінаем гісторыю тых страшных падзей, і на душы становіцца неяк няёмка і сумна.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў населеным пункце было 32 двары, 160 жыхароў, а падчас ваеннага ліхалецця на гэтым месцы амаль нічога не засталося.

Гэтую гісторыю ведаюць не толькі дарослыя і дзеці Чашніччыны, а і лепельскія школьнікі. Дзень дзявятага сакавіка 1944 году - самы страшны і трагічны ў гісторыі невялікай вёсачкі. Страціўшы некалькі салдат у баі з разгарэўшымiся напярэдадні партызанамі, карнікі з 839-га ахоўнага батальёна ўварваліся ў вёску. Найбольш моцных мужчын сярод жыхароў вёскі аддзялілі і катавалі, а затым расстралялі і скінулі ў раку. Астатнім была наканавана пакутніцкая смерць у агні. Іх сагналі ў два дамы, закідалі гранатамі, а потым падпалілі. У вёсцы было жыўцом спалена 114 жыхароў.

У 1984 годзе на месцы вёскі быў створаны мемарыяльны знак. Цяпер там стаіць мемарыяльны помнік, які адкрыўся 22 чэрвеня 1989 года.
Подезжая, здалёк заўважаем вялікую скульптурную кампазіцыю - жанчына, дзяўчынка і пажылы чалавек. Непадалёк ад яе ўжо чакаюць артысты з Чашніччыны, якіх таксама толькі некалькі чалавек, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю.

Хочацца адразу адзначыць, што работнікі культуры ўмеюць стварыць сапраўднае свята і ў маленькім складзе, бо ў іх спявае душа. Яны прывыклі дарыць радасць і падымаць настрой людзям.

Так атрымалася і на гэты раз. Спачатку нашы суседзі праспявалі музычную кампазіцыю, потым лепяльчане ў адказ выканалі сваю. Як заўважыла загадчыца аўтаклубам Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Непляховiч, такога музычнага твора яны раней не чулі - вельмі прыгожы, трэба ўзяць сабе на заметку.

Прывітаўшы адзін аднаго добрымі словамі, перайшлі да самага галоўнага - перадачы сімвалаў гэтай акцыі. У гэты момант адчувалася хваляванне ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.

- За той перыяд, пакуль праязджалі помнікі на Лепельшчыне, з мэтай іх уборкі і добраўпарадкавання, а наведалі ўжо больш за дзесяць, яшчэ больш адчулі, наколькі патрэбна і важна гэта акцыя. Наш абавязак - падтрымліваць у належным стане брацкія магілы, помнікі і абеліскі. Як у нашай краіне, так і Лепельскім раёне, гэтай працы надаецца вялікая ўвага. Шкада толькі, што цяпер немагчыма наведаць ветэранаў, прыцягнуць да ўдзелу школьнікаў, - сказаў Леанід Забабура, загадчык аўтаклубам Лепельскага РДК.

Таксама нашы артысты адзначылі, што ўвогуле каля помнікаў у асноўным парадак. Арганізацыі, якія замацаваны за імі, добрасумленна прыязджаюць і прыбіраюць святыя месцы.

Як кажуць: толькі сумеснымі намаганнямі можна атрымаць добры вынік. Так, і ў гэтай справе аўтаклуб заўсёды падтрымліваў сувязь з сельсаветамі, з імі разам вырашаў, да якога помніка ў першую чаргу мець кірунак.

Загадчыца аўтаклубам Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Непляховiч адзначыла, што на Чашніччыне больш за 70 пахаванняў, і ўсе яны ў выдатным стане. Чашніцкая зямля выхавала шэсць Герояў Савецкага Саюза.

- Дзякуючы гэтай акцыі яшчэ раз прыйшлося сутыкнуцца з памяццю, наведаць помнікі, у прыватнасці гэты мемарыял, - рэзюмавала Наталля Аркадзьеўна.

Наталля Храпавіцкая.