Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Ушанаванне пераможцаў на Лепельшчыне

13.03.2019
Ушанаванне пераможцаў у нашым раёне стала ўжо добрай традыцыяй. Шасцёра школьнікаў, дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы і імкненню да ведаў, сталі пераможцамі ў трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2018/2019 навучальным годзе.
Анастасія Піскунова заваявала дыплом I ступені па беларускай мове і літаратуры. Насця вучыцца ў дзясятым класе Слабадской ясляў-сада-сярэдняй школы Лепельскага раёна (настаўнік Вольга Бабаед). Дар’я Марчанка атрымала дыплом II ступені па беларускай мове і літаратуры, вучыцца ў дзясятым класе Стайскай сярэдняй школы (настаўнік Алена Маціеўская). Ян Крывец заваяваў дыплом II ступені па біялогіі, вучыцца ў 11 класе сярэдняй школы №1 г. Лепеля (настаўнік Алена Сільвановіч). Даніла Лях, навучэнец 11 класа сярэдняй школы №3 г. Лепеля, атрымаў дыплом II ступені па фізічнай культуры і здароўі, займаецца ў настаўніка Аляксандра Зайцава. Сяргей Лапёнак заваяваў дыплом ІІІ ступені па біялогіі, вучыцца ў дзявятым класе гімназіі імя І.М. Ерашова г. Лепеля (настаўнік Кацярына Шарко). Стэфанія Пазняк, навучэнка адзінаццатага класа гімназіі імя І.М. Ерашова г. Лепеля, заваявала дыплом III ступені па нямецкай мове, займаецца ў настаўніцы Ларысы Докіш.
Лепшых з лепшых, а таксама бацькоў і выкладчыкаў, якія іх прывялі да поспеху, цёпла прывіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (Лепельская выбарчая акруга №23), член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Мартынаў, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Анатоль Карпіцкі, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі Лепельскага раёна і іх намеснікі па вучэбнай рабоце.
Звяртаючыся да навучэнцаў, якіх па праве можна лічыць гонарам раёна, Віктар Азаронак адзначыў, што вельмі прыемна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і ўсведамляць, што ўвага і клопат да маладога пакалення прыносяць адчувальны вынік.
Перад прысутнымі са словамі віншавання выступіў Ігар Феліксавіч:
— Справа, якую робіце вы, і ў першую чаргу педагогі, у плане адукацыі і выхавання вельмі вялікая. Дзеці — наша будучыня. Краіне патрэбны адукаваныя, энергічныя людзі, якія ўмеюць прымаць рашэнні. Ад маладога пакалення залежыць наша ўпэўненая будучыня. У Беларусі шмат робіцца, каб моладзь мела магчымасць развівацца і ўдасканальвацца. Вялікая ўвага таксама ўдзяляецца інфармацыйным тэхналогіям і бяспецы. Дзякуючы зладжанай агульнай працы вы дасягнулі такіх высокіх вынікаў. Віншую з заслужанай перамогай! Упэўнены, што вопыт удзелу ў гэтай алімпіядзе вас шмат чаму навучыў. Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым, вучыцеся, пазнавайце новае, развівайцеся.
Ігар Мартынаў пажадаў дзецям правільна вызначыцца ў жыцці, мэтанакіравана ісці да сваіх мэтаў і не пасаваць перад складанасцямі. Усім пераможцам алімпіяд былі ўручаны падзячныя лісты ад старшыні райвыканкама і грашовыя прэміі.
Ад імя ўсіх вучняў падзякаваў настаўнікам Даніла Лях:
— Каб дасягнуць такіх вынікаў, трэба было папрацаваць як разумова, так і фізічна, асабліва ў маім выпадку. Разам з намі ішлі да пастаўленай мэты і хваляваліся нашы педагогі. Дзякуючы супольнай працы мы дасягнулі такога поспеху. Цёплыя словы хочацца таксама сказаць нашым бацькам, якія падтрымлівалі нас і хваляваліся не менш за нас. Пастараемся і далей паказваць добрыя вынікі.
Віктар Уладзіміравіч Азаронак сказаў цёплыя словы і ў адрас настаўнікаў, адзначыўшы іх плённую працу:
— Хочацца выказаць вялікую падзяку, што з дня ў дзень вы кожнаму са сваіх вучняў дорыце часцінку сябе, даяце веды, дзеліцеся сваім вопытам. Вы дапамагаеце не толькі пазнаваць нешта новае і важнае, а ўсяляеце моцную веру і светлую надзею, заўсёды можаце даць параду і падтрымаць добрым словам. Дзякуй за вашы прафесіяналізм, асаблівы падыход да кожнага дзіцяці, цярпенне і адказнасць. Жадаю вам доўгіх гадоў паспяховай дзейнасці, дабрабыту ў жыцці і здароўя.
Усім настаўнікам, якія рыхтавалі пераможцаў, былі ўручаны падзячныя лісты і грашовыя прэміі.
Вольга Бабаед, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слабадской ясляў-сада-сярэдняй школы Лепельскага раёна, ад імя настаўнікаў выступіла перад прысутнымі:
— Хочацца падзякаваць вучням, педагогам, аднак асаблівых слоў заслугоўваюць бацькі. Яны з самага ранняга дзяцінства прывівалі любоў да школы, выхавалі такіх здольных дзяцей. У школьным калектыве працягваецца гэтая вялікая праца. Асноўнае ў падрыхтоўцы да алімпіяды – гэта матывацыя. Трэба, каб дзеці ўсвядомілі, што, пазнаючы сутнасць прадмета, яны атрымаюць асалоду. Чалавеку хочацца ісці наперад, калі штосьці становіцца зразумелым.
Вольга Бабаед нагадала, што наша родная мова лічыцца адной з самых мілагучных у свеце, на беларускай мове напісаны першы статут Вялікага княства Літоўскага. Нам ёсць чым ганарыцца, і мы не павінны аб гэтым забываць. Слухаючы яе, адчуваеш, што настаўніца захапляецца роднай мовай і гэтае захапленне перадае сваім навучэнцам.
Асаблівыя словы Віктар Уладзіміравіч выказаў бацькам. Поспех чалавека — безумоўна, заслуга самых блізкіх людзей. Іх цярпенне і адказнасць, чуласць і спагадлівасць, а таксама вялікая праца ў выхаванні з’яўляюцца надзейным стартам на шляху да будучых поспехаў. Бацькі разам з дзіцяці не стамляюцца пазнаваць штосьці новае, пераадольваць перашкоды, быць надзейнай апорай.
— Перамога не можа быць лёгкай. Гэта вынік вялікай працы. І хоць ваш шлях быў няпросты, вы яго адолелі, перакрочыўшы праз страхі і перашкоды. Вы маладыя і актыўныя, наперадзе — вялікая дарога. Хочацца пажадаць, каб вы і далей дамагаліся вялікіх перамог, — такімі словамі павіншавала пераможцаў прадстаўнік Лепельскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольга Каралёва і ўручыла ўзнагароды.
Яны не баяліся цяжкасцяў і ўпэўнена ішлі да перамогі. Акрамя гэтага, кожны са школьнікаў знаходзіць час на
захапленне спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, музыкай, танцамі і  іншымі заняткамі па душы, пацвярджаючы, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг