• Гостиничный комплекс Плавно
Главная / Новости / Новости района

Насущные вопросы обсудили с представителями местной власти работники ремонтно-механического завода

05.04.2019

У рамках Адзінага дня інфармавання адкрытае акцыянернае таварыства “Лепельскі рамонтна-механічны завод” наведала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Кісялевічам. У складзе таксама — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Шавялёва, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Кляшторная, галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Ілья Шандалесаў, начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Алена Жарнасек і дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч.

Перад прысутнымі выступіла Наталля Кляшторная, якая распавяла аб развіцці будаўнічай галіны Лепельскага раёна:
Па выніках 2018 года ў раёне за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю больш за 12000 квадратных метраў агульнай плошчы жылля, у тым ліку шматкватэрных жылых дамоў — 4570 квадратных метраў, індывідуальных жылых дамоў — 7595 квадратных метраў.
У 2018 годзе ў рамках рэалізацыі другога этапу праекта «Будаўніцтва сацыяльнага жылля» з мэтай ажыццяўлення міжнароднага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай завершана будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вул. Калініна. Гэта дазволіла ўвесці ў эксплуатацыю 40 памяшканняў сацыяльнага карыстання агульнай плошчай 2304 квадратныя метры.
Уведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Савецкая, 38а агульнай плошчай 2266 квадратных метраў. У гэтым доме палепшылі свае жыллёвыя ўмовы восем шматдзетных сем’яў. Ім дадзена дзевяць кватэр агульнай плошчай 535,05 кв. метра.
На 2019 год запланавана будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома ў вёсцы Бароўка агульнай плошчай 3711 кв. метраў і 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Савецкая, 38в у Лепелі агульнай плошчай 2266 кв. метраў.
На перспектыву разглядаецца пытанне аб будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома ў вёсцы Домжарыцы. У рамках пілотнага праекта ўзвядзенне дадзенага жылога дома плануецца з выкарыстаннем электрычнай энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы.
Акрамя аб’ектаў жыллёвага будаўніцтва на тэрыторыі горада працягваюцца работы па будаўніцтве гандлёвага аб’екта па вуліцы Чуйкова. Забудоўшчык — прыватнае прадпрыемства «Рио-Рио Град». Плануецца завяршыць будаўніцтва аб’екта ў трэцім квартале 2019 года.
У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора ў 2019 годзе запланавана пачаць будаўніцтва гандлёвага аб’екта плошчай каля 400 квадратных метраў, у тым ліку з гандлёвай плошчай больш за 200 квадратных метраў па вуліцы Войкава. Інвестарам выступае ТАА «Санта Рытэйл». Прадстаўнікі гандлёвай сеткі пазіцыянуюць будучую краму як гандлёвую кропку з універсальным асартыментам харчовых тавараў высокай якасці і па даступных цэнах.
Працягваюцца работы па стварэнні мінімальна неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў раёнах індывідуальнай жылой забудовы для камфортнага пражывання грамадзян у раёне вуліц Магістральная і Аўтадромная ў г. Лепелі.
У раёне вуліцы Бярэзінская, завулка Рачны ў Лепелі актыўна вядуцца работы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння. Акрамя гэтага, іх будаўніцтва будзе выканана і ў раёне жылой забудовы па вуліцы Паркавая ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж. У 2019 годзе запланаваны работы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння вёскі Шаркоўка.
З мэтай развіцця індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва райвыканкамам запланавана на 2019 год распрацоўка горадабудаўнічай дакументацыі “Дэталёвы план раёна Заходні” ў г. Лепелі”, што дазволіць выдзяляць зямельныя ўчасткі ў колькасці, адпаведнай заяўленаму попыту насельніцтва.
Трэба адзначыць, што Лепельскі раён пасля гарадоў, дзе пражывае больш за 100 тысяч (Орша, Віцебск, Наваполацк), знаходзіцца на чацвёртым месцы па будаўніцтве жылля ў Віцебскай вобласці.
Аб рабоце, якая праводзіцца ў нашым раёне па падрыхтоўцы святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, распавяла Святлана Шавялёва.
На сённяшні дзень у Лепельскім раёне пражывае 20 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 12 удзельнікаў, чатыры інваліды, два працаўнікі тылу і два блакаднікі г. Ленінграда.
Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна ў лютым праведзена абследаванне ўмоў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокіх пажылых грамадзян і адзінокіх інвалідаў першай і другой груп.
За ўсімі ветэранамі і асобамі, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі раёна для аказання ім неабходнай дапамогі, віншаванняў і заахвочванняў.
У рамках праекта «Каб не забыцца, трэба памятаць» ТЦСАН сумесна з раённым саветам ветэранаў штогод арганізуе аздараўленне ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, у пансіянаце «ЛАДЭ». У маі бягучага года яны будуць адпачываць у гэтай установе.
У раёне дзейнічае сем валанцёрскіх атрадаў з навучэнцаў і студэнтаў па аказанні бытавых паслуг ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокім пажылым людзям, адзінокім інвалідам першай і другой груп.
Райвыканкамам праведзены маніторынг месцаў воінскіх пахаванняў і мемарыяльных комплексаў. На тэрыторыі Лепельскага раёна маецца 51 воінскае пахаванне і пахаванне ахвяраў войнаў. На ўсе воінскія і пахаванні ахвяраў войнаў у 2017 годзе аформленыя новыя пашпарты. Акрамя гэтага, яны ўнесены ў зводную ўліковую ведамасць воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне.
У дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў па Лепельскім раёне ўключаны пяць воінскіх пахаванняў, з іх адна братэрская магіла 1918-1919 гадоў і чатыры пахаванні загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў. Усе пахаванні маюць навуковы пашпарт гісторыка-культурнай каштоўнасці і пашпарт вайсковага пахавання, пастаўленага на дзяржаўны ўлік.
У 2019 годзе ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяраў войнаў на 2015 — 2020 гады Лепельскім райвыканкамам прынята рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту брацкай магілы, у якой пахаваны 18 чырвонаармейцаў. Пахаванне — 1918 года, знаходзіцца ў г. Лепелі на Пятроўскіх гарадскіх могілках.
У дні святкавання будуць праведзены ўрачыстыя сходы і святочныя канцэрты ва ўстановах, арганізацыях горада і раёна, сустрэчы кіраўнікоў райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, сельвыканкамаў з ветэранамі. Адбудуцца выступленні ў сродках масавай інфармацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, урачыстае ўскладанне вянкоў і кветак да помнікаў, абеліскаў і пахаванняў воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
* * *
Работнікі рамонтна-механічнага завода таксама мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні. Першае з іх: “Што будзе ў будынку каля пракуратуры?”
У гэтым годзе будуць адноўлены работы па рэканструкцыі будынка па вуліцы Савецкай (вінаачышчальнага склада), дзе размесціцца раённы краязнаўчы музей.
Узнялася і праблема веласіпедыстаў, якім хацелася б ездзіць па абуладкаваных дарожках.
Адказ дала Наталля Кляшторная:
У рамках пілотнага праекта “Зялёныя гарады” Лепельскі райвыканкам падаў заяўку на ўдзел у конкурсе. Мэта праекта — зрабіць гарады больш цікавымі і прыемнымі для жыцця, сюды ж уваходзіць стварэнне веладарожак і велапарковак. Будзем спадзявацца, што выйграем і атрымаем магчымасць зрабіць наш край яшчэ больш зручным і прыгожым.
Хвалюе лепяльчан стан дарог. Калі пачнецца рамонт дарожнага пакрыцця?
Ужо надышлі спрыяльныя ўмовы надвор’я. З праезнай часткі і тратуараў змецена солева-пясчаная сумесь, якой пасыпалася зімой дарога. Актыўна пачынаецца ямкавы рамонт дарог у Лепелі і сельсаветах, а таксама грэйдаванне. Акрамя гэтага, у хуткім часе будзе пакладзены асфальт на двух участках па вуліцы Войкава: каля РАУС і раённай стаматалагічнай паліклінікі.
Жыхарка з вуліцы Зялёная занепакоена, што ў раёне Меліярацыі не абуладкаваны месцы адпачынку для маці і дзяцей, а таксама папрасіла замяніць раму ў першым пад’ездзе дома №2.
Пытанні ўзяты на кантроль, — паведаміў Уладзімір Аксяновіч. Акрамя гэтага, у бліжэйшы час плануецца падвядзенне гарачага водазабеспячэння ў раён Меліярацыі.
Прагучала пытанне з залы і наконт будаўніцтва 40-кватэрнага дома на тэрыторыі каля амбулаторыі ўрача агульнай практыкі №1 па вул. Інтэрнацыянальнай.
Змяніліся нарматывы, і на дадзены момант узвядзенне дома на тым месцы немагчыма. Разглядаюцца варыянты абуладкавання тэрыторыі, — адказала Наталля Кляшторная.
Хвалююць работнікаў рамонтна-механічнага завода праблемы недахопу ўрачоў у цэнтральнай раённай бальніцы і чэргі ля кабінетаў. Адказаў галоўны ўрач Лепельскай ЦРБ Ілья Шандалесаў:
Праблема з медыцынскімі кадрамі існуе і вельмі нас хвалюе.
У сувязі з пераходам да 2020 года ўчастковых тэрапеўтаў на працу па прынцыпе ўрача агульнай практыкі мяняюцца і сацыяльныя стандарты. Так, сёння адзін участковы тэрапеўт прымае 1700 чалавек, а будзе — 1500. Тры медыцынскія спецыялісты на дадзены момант знаходзяцца на перападрыхтоўцы, якая займае чатыры месяцы. У маі-чэрвені яны вернуцца. Акрамя гэтага, у жніўні пачне працу малады спецыяліст.
Наш кар.