• Гостиничный комплекс ПлавноГостиничный комплекс Плавно
Главная -  Новости -  Новости района

Открывается еще один оздоровительный центр

10.07.2017

На пачатку ліпеня ў горадзе адкрываецца яшчэ адзін аздараўленчы цэнтр. Мы наведалі яго напярэдадні адкрыцця, ішлі апошнія прыгатаванні да заезду турыстаў. Аздараўленчы цэнтр "Лепель" пачне працаваць на базе былога дзіцячага санаторыя…

Чакайце, але ж мы ўжо былі на гэтым аб'екце пад час яго рэстаўрацыі. І тады, памятаецца, планы былі зусім іншыя: у памяшканнях былога артапедычнага цэнтра для дзяцей планавалася пасля рамонту адчыніць прыватны прытулак для састарэлых людзей. Праект насіў адначасова і камерцыйнае, і дабрачыннае адценне. Прынамсі, так сцвярджала тагачаснае кіраўніцтва аб'екта. Што ж змянілася? Дэталі спрабуем высветліць у начальніка аздараўленчага цэнтра Ларысы Емельяновіч.
Усё змянілася літаральна ў апошні час. Не магу сказаць дакладна, што стала прычынай. Шэраг юрыдычных акалічнасцяў. Наша кіраўніцтва ў Мінску і яно вырашае. Як бы там ні было, але мы адкрываемся як аздараўленчы цэнтр, філіял пансіяната "ЛОДЭ".

Ларыса Васільеўна разам з калегамі наводзіла парадак на дворыку, завіхалася ля клумбаў, балазе сама яна па прафесіі дызайнер, азеляненнем займаецца не ўпершыню, у свой час працавала ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Памяшканні былога санаторыя былі перададзены новаму гаспадару яшчэ ўвосень дзве тысячы чатырнаццатага года, а вясною года наступнага пачаліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. За гэты час адрамантавалі адміністрацыйны корпус, харчблок, замянілі непрыдатныя ацяпляльныя трубы, запусцілі кацельню. Праўда, увесь гэты час, пакуль наведвальнікаў не было, працавала кацельня ў ашчадным рэжыме. Падтрымлівалі мінімальную тэмпературу, абы не размерзлася ацяпляльная сістэма.

Сталоўка разлічана на трыццаць чалавек. Праўда, па першым часе яна зможа прыняць прыкладна палову. Ды і ежу спачатку будуць дастаўляць у спецыяльных тэрмасах з "ЛОДЭ". Устаноўлена абсталяванне ў раздатачнай, закуплены сталы, посуд.

Абсталяваны і дзве ўтульныя душавыя кабінкі ў асноўным корпусе. Да таго ж аматары лёгкай пары ў будучым змогуць схадзіць у лазеньку. Лазня — на тэрыторыі, з густам зробленая бярвёнчатая пабудова. Зараз да яе падводзяць гарачую ваду, дзеля чаго выкапалі траншэю. А яшчэ мяркуюць прыбудаваць ужо цагляны — ці то прылазнічак, ці то тэраску. Працягнулі кабель, падключылі інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA.

Паколькі першапачаткова планаваўся тут прытулак для састарэлых людзей, многае рабілася з улікам гэтага — і ўтульны хол для сумеснага тэлепрагляду, і пакой з камінам, і тэлевізар у сталоўцы, і трэнажорная зала, і, прынамсі, невялічкая хатняя царква. Думаецца, што ўсё гэта спатрэбіцца новаму аздараўленчаму цэнтру і будзе запатрабаваным.

Тэрыторыя цэнтра — каля двух гектараў. Даволі вялікая плошча. І ўсё гэта трэба было дэталёва прадумаць, абуладкаваць, каб было ўтульна і хораша. Былі выкарыстаны рысы старога дызайну, балазе аб'ект знаходзіцца ў маляўнічым сасновым бары, і дабаўлены элементы новага. Раней тут было літаральнае нашэсце варон. Звілі сабе гнёзды, стварылі антысанітарыю. З дапамогай спецыялістаў птушак давялося выселіць. У элемент сасновага бору хораша ўпісаліся туі.

Ларыса Васільеўна кажа, што туя вельмі карысная для аздараўлення арганізма. Нездарма ж раней цяжкіх, часам безнадзейных хворых клалі ў буданчыкі з туі — і яны ішлі на папраўку. Да таго ж, з туямі меней клопату, бо ў іх няма ні лістоты, ні шышак. А на клумбах, на дворыку, а таксама ў дэкаратыўных вазонах зардзела рознаквецце. Асобная старонка дызайну — прыстань з катамаранамі і ўтульнымі альтанкамі. Прыгожае маляўнічае возера — зусім побач.

Цікава, што на тэрыторыі аздараўленчага цэнтра жывуць чатыры сабакі і шэсць катоў. За гады рэстаўрацыі жывёліны тут ужо асвоіліся, ды і калектыў да іх прывык. Кошкі маюць свой казачны "кошчын дом", там іх кормяць і там яны начуюць. А ў кожнага сабакі будка індывідуальная. Яны таксама хораша ўпісваюцца ў арыгінальны дызайн дворыка. Галоўная рыса аздараўленчага цэнтра — утульнасць. Тут усё неяк кампактна, па-хатняму. Можа, таму, што цэнтр маленькі. І невялікі ў ім пакуль калектыў, і нешматлікі пакуль плануецца заезд. Першы раз прыедуць усяго пяць чалавек, пераважна мінчане, якія ўжо закупілі пуцёўкі. Дарэчы, пуцёўка на месяц у двухмесны нумар каштуе васямсот рублёў — гэта з харчаваннем.

Ну, а ў далейшым штат будзе павялічвацца. Мяркуюць, што тут будзе працаваць каля трыццаці чалавек — вартаўнікі-аператары, пакаёўкі, будаўнік па абслугоўванні і рамонце будынка, адміністратар, два повары, фельчар і аніматар.

Быццам дома тут, бо людзі, якія стварылі гэты цэнтр і яго абслугоўваюць, імкнуцца надаць адпачынку хатняй атмасферы. Які ж адпачынак у казённых сценах!

Уладзімір МІХНО.