Лепельскі раён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласці. Мяжуе з Чашніцкім, Докшыцкім, Бешанковіцкім, Ушацкім раёнамі. Утвораны 17 чэрвеня 1924 года. Плошча 1,8 тысяч кв.кіламетраў.
Буйнейшым населеным пунктам раёна з’яўляецца яго адміністрацыйны цэнтр – г. Лепель, які ўтульна размесціўся на беразе маляўнічага возера, які знаходзіцца ў 110 км ад г. Віцебска і ў 150 км ад г. Мінска.
Лепель злучаецца шасэйнымі дарогамі з Мінскам, Віцебскам, Полацкам, Оршай, Ушачамі, Докшыцамі, Чашнікамі, Барысавам; з’яўляецца канцовым пунктам чыгуначнай дарогі Орша-Лепель, працягласць якой 130 км.
Прырода, экалогія, ахова прыроды
53% тэрыторыі Лепельскага раёна займаюць лясы. На тэрыторыі раёна 136 азёр, больш за 80 рэк і ручаёў. Самыя буйныя азёры – Лепельскае (плошча 10,18 кв.км.), Окана, Бярэшча, Ворань, Бобрыца, Цяклец. Возера Какісіна з’яўляецца гідралагічным заказнікам мясцовага значэння.
Бярэзінскі дзяржаўны біясферны запаведнік з цэнтрам у вёсцы Домжарыцы.
Галоўным упрыгожаннем у жамчужыне прыроды Лепельскага краю з’яўляецца Бярэзінскі дзяржаўны біясферны запаведнік. Сёння запаведнік – найбуйнейшая навукова-асветніцкая ўстанова сусветнага значэння. Экасістэмы балот і чорнаальховых лясоў не маюць аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсім Еўрапейскім кантыненце. У Бярэзінскім запаведніку знаходзіцца 93 віды жывёл і расце 86 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Красамоўным прызнаннем унікальнасці ландшафтаў Бярэзінскага запаведніка служыць тое, што яму, у ліку першых запаведнікаў былога СССР, у 1979 годзе быў прысвоены статус біясфернага. Заслугі запаведніка ў захаванні глабальнай ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці ў 1995 годзе адзначаны Саветам Еўропы.
Штогод запаведнік наведваюць каля 50 тысяч турыстаў з Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Да іх паслуг камфартабельны гасціны комплекс “Домжарыцы”, гасціныя домікі на азёрах Плаўна, Домжарыцкае і Вольшыца, паляўнічы домік “Ніўкі”. Для назіранняў выкарыстоўваюцца водныя, пешаходныя, аўтамабільныя маршруты, назіральныя пасты, засідкі, укрыцці, вышкі з магчымасцямі фотаздымкі аб’ектаў дзікай прыроды. Турысты маюць магчымасць пазнаёміцца з бытам і традыцыямі мясцовага насельніцтва, народнай кухняй і промысламі.
Пад аховай дзяржавы знаходзіцца і помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Цар-дуб”, які расце ў в. Тадуліна.
Працяглы рэжым аховы Бярэзінскага запаведніка вызначыў багацце запаведнай флоры і фаўны. Жывёльны і раслінны свет яго, які развіваўся тысячагоддзямі ў натуральным асяроддзі, з’яўляецца сапраўдным эталонам еўрапейскай прыроды.
Зараз агульная колькасць біялагічных відаў, якія знаходзяцца ў Бярэзінскім запаведніку, перавышае за 6000. І гэта далёка не поўны спіс .
Бярэзінская водная сістэма
Галоўнай гістарычнай славутасцю запаведніка з’яўляецца Бярэзінская водная сісітэма, пабудаваная ў 1797-1805 гг. на месцы найстаражытнейшага шляху з “варагаў у грэкі”. Будаўніцтва сістэмы дазволела ўстанавіць скразныя водныя зносіны паміж рэкамі басейнаў Чорнага і і Балтыйскага мораў. Пачыналася Бярэзінская водная сістэма Сяргучскім каналам - 490 км ад вусця ракі Бярэзіны і заканчвалася вусцем ракі Улы 519 км ад вусця Западнай Дзвіны. Працягласць воднай трасы паміж гэтымі трасамі 169 км.
Стварэнне Бярэзінскай воднай сістэмы – вялікая па тым часе работа. Будаўніцтва вялося ў цяжкіх умовах, сярод лясоў і балот, пры дапамозе прымітыўных прылад працы – рыдлёвак, сякер і тачак.
Увод сістэмы ў строй дапамог вырашыць значныя эканамічныя праблемы краю, уздоўж па трасе ад Бярэзіны да Западнай Дзвіны ўзніклі новыя паселішчы, пашырыліся гандлёвыя сувязі з Прыбалтыкай, расійскімі і ўкраінскімі губерніямі.
У сучасны час некалі ажыўленая водная траса поўнасцю страціла сваё лесасплаўнае і транспартнае значэнне. Каналы абмялелі і заглеіліся, месцамі пасярод рэчышчаў утварыліся астраўкі, якія зараслі кустоўем і чорнай вольхай. Драўляныя гідралагічныя пабудовы разбурыліся, аб іх узгадваюць толькі каменныя адкосы шлюзавых камер і плацін. Зараз - гэта уладаранне баброў, выдраў, качак і тысячы іншых прадстаўнікоў флоры і фаўны запаведніка. На сённяшні час разглядаюцца праекты аднаўлення Бярэзінскай воднай сістэмы.
Прыродныя рэсурсы Лепельскага раёна
Водныя рэсурсы. На тэрыторыі раёна налічваецца 136 азёр агульнай плошчай 5015, 8 га, працякае 20 малых рэк і каля 60 ручаёў. Плошча водаахоўных зон рэк і азёр складае 43,8 тыс.га, плошча прыбярэжных палос – 3,5 тыс.га. Ёсць значныя разведаныя запасы падземных вод.
У 2005 годзе быў ліквідаваны выпуск у раку Ула недастаткова ачышчаных стокавых вод ваеннага шпіталя, а ў 2006 годзе – малочнакансервнага камбіната. Працягваецца работа па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў каналізацыі п. Бароўка, сельскіх ачышчальных збудаванняў.
На Лепельскім вадасховішчы адноўлена і працуе гідраэлектрастанцыя.
Мноства водных рэсурсаў, асабліва азёр, стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловага рыбалоўства, воднага і экалагічнага турызму, а таксама рэкрэацыі.
Мінеральна-сыравінныя рэсурсы
Асноўнымі мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі, якія змяшчаюцца ў раёне, з’яўляюцца торф, сапрапель, гліна, пяскі і пясчана-гравійныя адклады. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 243 тарфяных радовішча, і з іх 11 радовішчаў могуць выкарыстоўвацца для здабычы торфу як для сельскагаспадарчых патрэб, так і для патрэб цеплаэнергетыкі. Запасы торфу ў іх (40% умоўнай вільгаці) складае 2966 тысяч тон. Разведана 5 радовішчаў тарфяных лекавых гразей.
У многіх азёрах раёна ёсць вялікія запасы сапрапелю, які ў залежнасці ад складу можна выкарыстоўваць у якасці ўгнаенняў, кармавых дадаткаў, пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і клеючых дадаткаў і ў якасці лекавых гразей.
Асноўныя запасы гліны знаходзяцца ў радовішчы “Раўнянка”, якое на сённяшні дзень не распрацоўваецца, бо цэглавы завод Раўнянка выведзены з эксплуатацыі.
На сённяшні дзень вядзецца здабыча пясчана-гравійнай сумесі і будаўнічых пяскоў на радовішчах “Бароўка” і “Даліцкае.”
Атмасфернае паветра
Пачынаючы з 2000 года аб’ём валавых выкідаў забруджанымі рэчывамі ў атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц на тэрыторыі раёна стабілізаваўся. Адначасова ў структуры выкідаў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння долі сярністага ангідрыду праз памяншэнне колькасці выкарыстання паліва нафтапрадуктаў (мазуту і пячнога паліва).
Рост колькасці выкідаў у 2005 годзе абумоўлены павелічэннем аб’ёмаў выпуску асфальтабетону ДБК-34 і ДРБК-202, а таксама тым, што КУПП ЖКГ “Лепель” і КУПП “Бароўка” была арганізавана падача насельніцтву гарачай вады ў летні перыяд.