За
значны ўклад у развіццё ветэранскага руху, патрыятычнае выхаванне
моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах раёна ва ўрачыстай абстаноўцы Ганаровай граматай Лепельскага раённага
выканаўчага камітэта ўзнагароджана Рэгіна Васюковіч, старшыня першаснай
арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў райвыканкама.
Ветэранская арганізацыя згуртавала ў сваіх шэрагах прымудроных жыццёвым вопытам
людзей, у каго актыўная жыццёвая пазіцыя, хто шануе пераемнасць традыцый і
імкнецца быць карысным грамадству. Іх дзейнасць выклікае павагу і
захапленне. Сярод тых, хто перадае свой вопыт маладым, і Рэгіна Леанідаўна. Вырасла наша суразмоўніца ў сям'і настаўнікаў. Пасля заканчэння 10-i класаў
Весялоўскай сярэдняй школы паступіла ў Гродзенскае культурна-асветніцкае
вучылішча (цяпер Гродзенскі каледж культуры і мастацтваў), працягнула навучанне ў
Мінскім інстытуце культуры. Дыпламаваным спецыялістам прыехала працаваць у
родны Лепельскі раён. Першым месцам працы маладога спецыяліста стаў аддзел
культуры райвыканкама, дзе заступіла на пасаду інспектара.
У 1986 годзе перайшла ў аддзел ЗАГС. Аляксандра Цабанава ў той час загадвала
аддзелам ЗАГС гарвыканкама, а Рэгіна Леанідаўна - аддзелам ЗАГС райвыканкама.
Затым, калі два аддзелы былі аб'яднаны ў адзін, наша гераіня стала
спецыялістам, пазней - галоўным спецыялістам, а Аляксандра Цабанава - начальнікам
аддзела ЗАГС.
Асаблівую ўвагу на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці Рэгіна Леанідаўна
надавала рабоце з людзьмі. Па словах землякоў, яна заўсёды іх уважліва
выслухоўвала, старалася даступнай мовай растлумачыць, а здаралася, і суцешыць
душэўны боль...
На заслужаным адпачынку Рэгіна Леанідаўна не сядзіць склаўшы рукі, актыўна ўдзельнічае
у ветэранскім руху і жыцці раёна, сваёй актыўнасцю паказвае моладзі,
як можна быць карысным грамадству.
Наталля Храпавіцкая, газета «Лепельскі край»