Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Праблемы падлеткавай злачыннасці абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы ў Лепелі

03.04.2024

У сярэдняй школе №1 г. Лепеля адбылася адкрытая дыялогавая пляцоўка для навучэнцаў школ горада, у тым ліку ў дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Тэма гутаркі - "Учора - свавольства. Сёння - адказнасць. А заўтра?". П'янства, крадзяжы, хуліганства, парушэнне ПДР, абраза… Гэта далёка не ўвесь спіс тэм, якія ўзнялі прадстаўнікі кампетэнтных органаў. Першай выступіла перад навучэнцамі Таццяна Часнакова, намеснік старшыні КСН, якая расказала пра стан злачыннасці сярод непаўналетніх у нашым раёне. Так, хлопцы даведаліся, што за 12 месяцаў 2023 года на пасяджэннях КСН разгледжаны 173 матэрыялы, з іх 102 матэрыялы разгледжаны ў адносінах да 64 дзяцей. Пры тым некаторыя навучэнцы разглядаліся на пасяджэнні КСН неаднаразова. За 3 месяцы 2024 года разгледжана 45 матэрыялаў, з іх 32 — у адносінах да непаўналетніх. На ўліку ў ІСН на 1 красавіка стаяць 38 непаўналетніх. У ходзе размовы Таццяна Мікалаеўна нагадала аб адказнасці непаўналетніх за правапарушэнні, азнаёміла з пералікам самых частых правапарушэнняў, якія ўчыняюць падлеткі ў нашым раёне, заклікала школьнікаў выконваць правілы бяспечных паводзін.

Затым старшы памочнік пракурора Лепельскага раёна Карына Грышкевіч расказала аб правапарушэннях і злачынствах, якія ўчыняюцца непаўналетнімі, а таксама аб дэструктыўных праявах сярод непаўналетніх. У прыватнасці, Карына Віктараўна на зразумелай для маладых людзей мове расказала аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, прававой і адміністрацыйнай адказнасці. Акцэнтавала ўвагу на рэальных злачынствах, за якія суд можа прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у тым ліку звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Намеснік начальніка Лепельскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Патоцкі расказаў аб наступствах учыненых правапарушэнняў і злачынстваў непаўналетніх. Закранулі і тэму злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Падлеткам было растлумачана, з якіх гадоў надыходзіць крымінальная адказнасць і якія пакаранні прымяняюцца за ўчыненне злачынстваў. Таксама былі закрануты пытанні паводзін навучэнцаў у школе і грамадскіх месцах, паважлівага і карэктнага стаўлення да дарослых і аднагодкаў. Гутарка засноўвалася на пэўных прыкладах і фактах.

Аб уцягванні падлеткаў у незаконны наркаабарот, аб знаходжанні і паводзінах непаўналетніх у грамадскіх месцах расказаў начальнік ІСН Лепельскага раёна Анатоль Бурмістраў. Падлеткі рэгулярна атрымліваюць прапановы стаць распаўсюджвальнікамі наркотыкаў, гэта значыць закладчыкамі. Вельмі важна навучыцца казаць не і не паддавацца негатыўным спакусам. Далучайцеся да спорту і іншых карысных, цікавых заняткаў, - акцэнтаваў увагу Анатоль Міхайлавіч, а таксама растлумачыў, якая адказнасць прадугледжана ў Рэспубліцы Беларусь за ўчыненне дзеянняў экстрэмісцкага характару, парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў і мітынгаў, распаўсюджванне інфармацыі экстрэмісцкага характару праз Інтэрнет.

Таксама спікеры звярнулі ўвагу рабят на наступствы распівання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах. І заклікалі іх больш адказна ставіцца да свайго жыцця, думаць, перш чым згаджацца на штосьці. 

- З якога ўзросту могуць адправіць падлетка ў спецустанову? - паступіла пытанне з залы.

- У спецыяльныя навучальна-выхаваўчыя ўстановы змяшчаюцца непаўналетнія, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, ва ўзросце ад адзінаццаці да васемнаццаці гадоў, - адказала Таццяна Мікалаеўна. 

- Да якога часу можна гуляць на вуліцы непаўналетнім? 

- Непаўналетнія ва ўзросце да 16 гадоў не могуць знаходзіцца па-за жыллём без суправаджэння дарослых у перыяд з 23.00 да 6 раніцы, - растлумачыў Анатоль Міхайлавіч. 

- Калі я слухаю музыку і не ведаю, што яна з'яўляецца экстрэмісцкай? 

- Ня веданне закона не вызваляе ад адказнасці. На сайце Міністэрства інфармацыі ёсць рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, - дадаў Анатоль Бурмістраў.
***
Як адзначылі эксперты, такі фармат падабаецца дзецям значна больш, чым звычайныя выступленні. Тут яны могуць быць не проста слухачамі, але і ўдзельнікамі размовы. Чаму для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў? Бо ў гэтым узросце ў падлеткаў ужо ёсць сваё бачанне сітуацыі і ім важна выказацца. Акрамя гэтага, менавіта з гэтага ўзросту дзеці часцей за ўсё трапляюць у поле зроку міліцыі. 

Наталля Храпавіцкая. Газета "Лепельскі край"


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг