У мерапрыемстве прынялі ўдзел таленавітыя творчыя
калектывы 7 устаноў – філіялы «Бароўскі Цэнтр культуры і вольнага часу», «Горскі
сельскі клуб», «Дамжарыцкі сельскі Дом культуры», «Каменскі сельскі Дом
культуры», «Палсвіжскі сельскі Дом культуры», «Старалядзенскі сельскі Дом
культуры» і «Чарэйшчынскі сельскі Дом культуры», якія пакарылі гледачоў
сваімі разнапланавымі нумарамі.
У суботні вечар на сцэну выйшлі прадстаўнікі розных устаноў і прадпрыемстваў
раёна, якіх аб'ядноўвае жаданне дарыць людзям радасць. Знайшлося месца і
песням, і танцам, і гумарыстычным сцэнкам. Ужо з першага нумара стала зразумела, што ў зале будзе «горача». Вакальны секстэт
«Беражніцы» Каменскага сельскага Дома культуры паказаў свой вясёлы і добры
нораў нумарам «Танчым, спяваем».
Ніне Хрычэнка са Старалядзенскага сельскага Дома культуры падчас выступу
з рускай народнай песняй «Валёнкі» падпявала ўся зала. Нікога не пакінула
абыякавым песня «Ах, лёс» у выкананні Юрыя Дакшаніна і Тамары Крыўко,
якія прадстаўлялі Чарэйшчынскі сельскі Дом культуры. Гучна гледачы
апладзіравалі вакальнай групе «Аколіца» з Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Хочацца сказаць, што нашы сельскія творчыя калектывы служаць годным
прыкладам захавання традыцый, каштоўнасцей, народнай творчасці. Сваімі нумарамі
яны «зараджаюць» усіх навакольных энергіяй і пазітывам. Так, удзельнікі
драматычнага гуртка Горскага сельскага клуба дастойна прадставілі сваю сцэнку «Пра дзяўчынку». Яркімі і запамінальнымі выступленнямі сталі маналог
«Даярка-вынаходца» ў выкананні Лідзіі Ганчар з Палвіжскага сельскага Дома
культуры і музычны нумар «Ой, на горцы каліна» ў выкананні вакальнай
групы «Бярэзіначка» Дамжэрыцкага сельскага Дома культуры. Больш за 20 класных нумароў падрыхтавалі артысты ў гэты вечар. Гледачы ўбачылі
творчыя нумары, розныя па зместу і стылі: ад лірычных песень,
якія бяруць за душу, да завадных і жыццярадасных выступаў. Са сцэны не толькі
прадэманстравалі, чым сёння жывуць жыхары аграгарадкоў, якія формы працы
выкарыстоўваюць для прыцягнення насельніцтва да творчай дзейнасці, але і ў які
раз даказалі ўсім, што ў сельскіх населеных пунктах ніколі не бывае сумна. Канцэрт мінуў на адным дыханні, хоць і доўжыўся некалькі гадзін. Таксама ў гэты
вечар гледачы сталі сведкамі нараджэння новых зорак, сярод якіх не толькі
моладзь, але і людзі старэйшага ўзросту. Хочацца адзначыць работнікаў раённага Дома культуры, бо дзякуючы іх
старанням мерапрыемства стала сапраўдным святам. Усе гледачы і артысты як
быццам апынуліся на борце гасціннага лайнера, які адправіўся ў свет
музыкі і добрага настрою. А агульны градус настрою паднімалі
вядучыя-бортправадніцы зімовага агракруізу Вольга Шкіранда і Анжаліка Паўлава. Акрамя гэтага, у рамках агракруізу была падрыхтавана выстава, на якой
калектывы-ўдзельнікі прадставілі сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладной
творчасці. І ўсё гэта зроблена ўмелымі рукамі ўдзельнікаў. Жадаем артыстам упэўнена ісці толькі наперад, не спыняцца на дасягнутым.
Пабольш творчых знаходак кожнаму ўдзельніку, і няхай іх яркія пастаноўкі
дораць людзям радасць!
Наталля Храпавіцкая. Газета «Лепельскі край»