Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Рэтраснімкі, больш за 80 фотакамер: тэматычная выстава прадстаўлена ў Лепельскім краязнаўчым музеі

30.04.2024

Як выглядаў Лепель і яго наваколле ў XIX стагоддзі, якімі апаратамі карысталіся фатографы, як праяўлялі плёнкі і захоўвалі на здымках гісторыю, могуць даведацца наведвальнікі пастаяннай экспазіцыі Лепельскага раённага краязнаўчага музея. Дырэктар установы культуры Ала Стэльмах расказала карэспандэнту БЕЛТА, хто стаяў ля вытокаў фотасправы на Лепельшчыне і колькі ў музеі захоўваецца фотакамер.

Экспазіцыя, прысвечаная фотамастацтву і яго дзеячам, у Лепельскім раённым краязнаўчым музеі - адна з дзвюх, якія існуюць у Беларусі. Яшчэ адна ёсць у Гомелі. "Тут прадстаўлены як копіі фатаграфій, зробленых у XIX-XX стагоддзях, так і фотаапараты - ад першых, што з'явіліся ў Беларусі, да сучасных, усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 фотакамер", - расказала Ала Стэльмах і растлумачыла як гэты напрамак развіваўся на Лепельскай зямлі.

Адным з першых фоталетапісцаў гэтага краю лічыцца памешчык Міхаіл Кусцінскі. Ён быў чалавекам адукаваным: скончыў Віленскі дваранскі інстытут, юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, захапляўся археалогіяй. Калі ў яго з'явіўся свой фотаапарат (а каштавала такое абсталяванне ў той час нятанна), Міхаіл Кусцінскі пачаў здымаць пейзажы Лепеля. Усе яго работы, выкананыя да 1865 года, былі прадстаўлены на Усерасійскай этнаграфічнай выставе ў Маскве. На фотаздымках аўтара можна ўбачыць, як выглядалі размешчаныя ў Лепелі шлюзы Бярэзінскай воднай сістэмы, праз якую сплаўлялі лес з вярхоўя Бярэзіны ў Еўропу, супрацоўнікаў, якія працавалі на гэтай штучнай воднай артэрыі, а таксама жыхароў горада і яго выдатныя мясціны.

У пачатку XX стагоддзя на Лепельшчыне фотагісторыю складалі бацька і сын Барыс і Рафаіл Фідэльманы. Яны рабілі прафесійныя здымкі ў сваім атэлье, дзе былі спецыяльна абсталяваны кабінеты для партрэтаў. У аб'ектыў іх фотакамеры трапілі і жыхары, і краявіды горада. Сярод пастаянных кліентаў Фідэльманаў былі і прадстаўнікі савецкай улады. Цяпер у краязнаўчым музеі захоўваюцца копіі работ гэтага сямейнага падраду. Частка тэматычнай выставы ўяўляе сабой "кабінет Фідэльмана" - гэта інсталяцыя, дзе можна зрабіць здымак у старадаўнім інтэр'еры, які імітуе абстаноўку ў атэлье стагадовай даўнасці. Дарэчы, у гэтай фотазоне ёсць сапраўднае крэсла і люстэрка пачатку XX стагоддзя.

Яшчэ адна лакацыя выставы выканана ў выглядзе кватэры фатографа другой паловы XX стагоддзя. Тут і жылы пакой з захаванымі з 1970-1980-х гадоў мэбляй, адзеннем, радыёпрымнікам, нават паркетам, і святая святых фотааматара таго часу - ванная са спецыяльнай апаратурай для праяўкі плёнкі, друку фатаграфій. Кожнаму экспанату ў гэтай зоне па 50-60 гадоў, і ў сукупнасці яны ствараюць вінтажную атмасферу, вяртаючы наведвальнікаў музея, равеснікаў той эпохі, у гады іх юнацтва і маладосці.

Моладзі і школьнікам будзе цікава ўбачыць калекцыю плёначных, лічбавых фотаапаратаў, якія потым змянілі сучасныя гаджэты - смартфоны з убудаванымі фотакамерамі. "Мы пастараліся ўлічыць інтарэсы ўсіх пакаленняў, каб дарослыя ўспомнілі часы плёнкі, а дзеці даведаліся, як адбыўся пераход да лічбы ў фатаграфіі", - адзначыла Ала Стэльмах.

У экспазіцыйнай зале працуе відэагід, які расказвае пра гісторыю і развіццё фотамастацтва, таму экскурсію тут можна прайсці і самастойна, разглядаючы экспанаты пад гукавое суправаджэнне.

БелТА


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг