Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Сенсацыйны надпіс знайшлі ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку

23.04.2024

Унікальныя графіці знайшлі ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку. Адзін з надпісаў з'яўляецца сенсацыйным. Такую інфармацыю размясціў на сваім сайце Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Спаса-Праабражэнская царква Полацка адкрывае новыя старонкі старажытнай гісторыі Беларусі. Храм з'яўляецца не толькі ўнікальным помнікам старажытнага дойлідства, але і сапраўднай "бібліятэкай" старажытных надпісаў-графіці. Яны датуюцца ХІІ-ХІХ стагоддзямі, а іх колькасць дасягнула чатырох тысяч. У красавіку ў выніку рэстаўрацыйных работ на паўночных дзвярах храма быў расчышчаны фрагмент сцяны, на якой былі знойдзены новыя графіці.

Памінальны запіс у пяць радкоў памерам 17х6,5 см прачытала вядучы спецыяліст цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы, дацэнт Іна Калечыц.

Графіці было зроблена ў ХІІ стагоддзі, аб чым сведчаць палеаграфічныя даныя. Чалавек, які пакінуў надпіс, быў звыклы да пісьма. Графіці ён прадрапаў упэўненай рукой, хоць і крыху экспрэсіўна, некаторыя рыскі - па некалькі разоў. Магчыма, ён быў уражаны смерцю свяшчэнніка. Цітлы, якія аўтар графіці ставіць над скарочанымі словамі, адрозніваюцца па напісанні: для слоў, якія перадаюць святасць, ён выкарыстоўвае прамыя цітлы з рыскамі, для простых слоў і лічбаў - вугалкі.

Даволі кароткі памінальны надпіс, па сутнасці, разгортвае біяграфію чалавека, які прыехаў з Візантыі і быў, хутчэй за ўсё, будаўніком або майстрам фрэскавага жывапісу. Пасля работы ў храмах Полацка і, магчыма, удзелу ў будаўніцтве або роспісе Спаскай царквы, ён застаўся ў горадзе, прыняў свяшчэнства, стаў свяшчэннікам у Спаскай царкве і памёр 1 сакавіка.

Такім чынам, дзякуючы вывучэнню старажытных графіці стала вядома імя яшчэ аднаго чалавека, майстра і свяшчэнніка Аўдакіма, які жыў у часы прападобнай Ефрасінні Полацкай і якога можна паставіць у адзін рад з вядомым дойлідам Іаанам і не менш вядомым майстрам Лазарам Богшам. З графіці Спаса-Праабражэнскай царквы вядомы таксама імёны іканапісца Кузьмы і будаўніка Савы, а таксама свяшчэннікаў і ігуменняў манастыра, якія не згадваюцца ў іншых пісьмовых помніках.

БелТА


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг