Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

«Віцязь» запусціў лінію па выпуску ТБ вялікіх дыяганалей і рыхтуе праект з расійскім Ашчадбанкам

11.08.2021

ААТ "Віцязь" увяло ў эксплуатацыю новую лінію па вытворчасці тэлевізараў вялікіх дыяганалей, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Азараў.

Мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць нарасціць прыкладна ў 1,5 раза магутнасці па выпуску тэлепрыёмнікаў вялікіх дыяганалей. Такі эфект будзе дасягнуты не толькі за кошт пашырэння парку абсталявання, але і дзякуючы аптымізацыі ўнутранай вытворчай лагістыкі, адзначыў Генадзь Азараў.

Справа ў тым, што ў апошнія гады "Віцязь" нязменна павялічвае аб'ёмы выпуску тэлевізараў пад патрэбнасці пераважна расійскага рынку. З улікам існуючай кан'юнктуры прадпрыемства робіць акцэнт на развіцці мадэльнага рада прыёмнікаў вялікіх дыяганалей (ад 43 дзюймаў да 65 дзюймаў). Іх удзельная вага ў структуры выпуску гэтага інавацыйнага прадукту перавышае ўжо 50 працэнтаў. Запуск новага абсталявання даў магчымасць у тым ліку скараціць затраты на пераналадку ліній пры іх пераводзе з тэлевізараў малых дыяганалей на вялікія. Таксама аптымізуюцца працэсы наладкі, кантролю якасці, загрузкі спецыяльнага праграмнага забеспячэння вырабаў. У сукупнасці гэта павінна станоўча паўплываць на прадукцыйнасць працы, растлумачыў кіраўнік.

У планах да канца 2021 года асвоіць вытворчасць тэлевізараў з дыяганаллю 75-80 дзюймаў. "Віцязь" таксама прадоўжыць нарошчваць аб'ёмы выпуску тэлепрыёмнікаў з падтрымкай SmartTV, у тым ліку на мультымедыйнай платформе расійскага "Яндэкса". Акрамя таго, прадпрыемства працуе над запускам у вытворчасць у 2021 годзе разумных тэлевізараў на платформе "Салют ТБ" з шырокімі функцыянальнымі магчымасцямі. Гэта вынік супрацоўніцтва з расійскім Ашчадбанкам, у экасістэму якога ўваходзіць сэрвіс віртуальных памочнікаў "Салют".

Тэма мадэрнізацыі вытворчасці застаецца актуальнай для "Віцязя" ў сувязі з тым, што на бліжэйшую перспектыву прадпрыемства ставіць задачу пашырыць асартыментны партфель тэлепрыёмнікаў да 60 мадэлей. Сёння спецыялісты распрацоўваюць праект па рэканструкцыі аднаго з карпусоў пад будаўніцтва разумных вытворчых ліній і лагістычнага цэнтра. "Гэта будзе сучасны комплекс, дзе ў аснову вытворчых і лагістычных працэсаў мы пастараемся закласці перадавыя тэхналагічныя рашэнні, якія грунтуюцца на канцэпцыі лічбавізацыі "Індустрыя 4.0", і новыя арганізацыйныя прынцыпы кіравання вытворчасцю", - расказаў Генадзь Азараў.

Віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" створаны ў 1976 годзе. У 2010 годзе прадпрыемства акцыянавана са 100-працэнтнай доляй дзяржавы ў статутным фондзе. ААТ "Віцязь" - шматпрофільнае прадпрыемства, развівае каля 20 відаў дзейнасці, у тым ліку выпуск тэлевізійнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, электразарадных станцый і іншых высокатэхналагічных вырабаў, а таксама шырокі спектр вытворчых паслуг. На прадпрыемстве працуюць больш за 1,2 тыс. чалавек.

БелТА


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг