У Беларусі наступны перапіс насельніцтва пройдзе ў 2030 годзе. Аб гэтым журналістам расказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева перад пашыраным пасяджэннем калегіі Белстата, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь дакладна выконвае патрабаванні ААН па правядзенні перапісу насельніцтва раз у 10 гадоў, - сказала Іна Мядзведзева. - Наступны перапіс насельніцтва пройдзе ў 2030 годзе".
Што датычыцца падрыхтоўкі да перапісу, то Белстат працуе над тым, каб уключыць у абследаванне яшчэ больш інфармацыі з існуючых рэгістраў, рэестраў і інфармацыйных баз даных дзяржаўных органаў, арганізацый, каб у грамадзян заставалася менш пытанняў для самастойнага запаўнення. "Каб пераходзіць на рэгістравы перапіс, некаторыя краіны ствараюць статыстычныя рэгістры насельніцтва. І мы сёння якраз закладваем канцэпцыю па стварэнні такога рэгістра", - дадала яна.
У гісторыі суверэннай Беларусі перапіс насельніцтва праведзены ўжо тры разы. У 2019 годзе ён быў беспапяровым і праводзіўся камбінаваным метадам.