Галоўная / Турызм і адпачынак
Галоўная / Турызм і адпачынак

Турызм і адпачынак

ПАЛАЖЭННЕ Аб арганізацыі і правядзенні конкурсу міні-праектаў на атрыманне фінансавай падтрымкі ў рамках Праекта «Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі». Фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Турызм

Лепельшчына – дзіўны край беларускай зямлі, размешчаны на поўдні Віцебскай вобласці. Тут дзіўным чынам перапляліся гістарычныя лёсы, культуры і традыцыі розных нацыянальнасцей - беларусаў, рускіх, палякаў, яўрэяў.

Лепельшчына славіцца сваімі азёрамі і лясамі. Незвычайна прыгожыя мясцовыя ландшафты ў любую пару года. Як магнітам прыцягвае першародная аўра тутэйшых месцаў майстроў пэндзля.

Багацце краю – лясы. Плошча зялёных караляў складае 96 тысяч га ці 53% тэрыторыі раёна. Блакітнымі артэрыямі арганічна працяты прасторы Лепельскай зямлі. Звыш 80 рэк і раўчукоў, нібы сетка маленькіх вен, пульсуюць пад шатамі прыбярэжных зараснікаў вербаў і чаромхі. Прырода, шчодрай рукой раскідаўшы па зялёным дыване больш за 130 бірузовых крышталяў азёр, тым самым давяршыла ўпрыгожванне Лепельшчыны. Самыя буйныя азёры – Лепельскае (плошча 10,18 кв.км.), Акона, Берашча, Варонь, Бабрыца, Цякліц, Якісіма.

Несумненна, галоўным упрыгожаннем прыроднай скарбніцы з'яўляецца Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік» з цэнтрам у вёсцы Дамжэрыцы - найбуйнейшая навукова-асветніцкая ўстанова сусветнага значэння. Экасістэмы балот і чорнаальховых лясоў не маюць аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсім Еўрапейскім кантыненце. Бярэзінскі запаведнік насяляе 93 віды жывёл, у ім расце 86 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод іх такія рэдкія віды жывёл, як буры мядзведзь, зубр, рысь, беркут, барадатая (лапландская) няясыць, пугач, чорны бусел і інш., а сярод раслін - венерын чаравічак, касатык сібірскі, шпажнік (гладыёлус) чарапічасты, плаўн баранец і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе абарыгенная папуляцыя бабра. На сёння агульная колькасць біялагічных відаў, якія насяляюць Бярэзінскі запаведнік, перавышае 6000. І гэта далёка не поўны спіс. Красамоўным прызнаннем унікальнасці ландшафтаў Бярэзінскага запаведніка служыць тое, што яму, у ліку першых запаведнікаў былога СССР, у 1979 годзе быў прысвоены статус біясфернага. Заслугі запаведніка ў захаванні глабальнай ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці ў 1995 годзе адзначаны Саветам Еўропы.

Раён багаты гісторыка-культурнымі помнікамі, што стварае добрыя ўмовы для развіцця турызму. На Лепельшчыне налічваецца 47 аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэгіянальнага значэння. Гэты спіс дастаткова шырокі, але ў першую чаргу, хацелася б адзначыць замчышча (XIV – XVI ст.) размешчанае на востраве насупраць вёскі Стары Лепель і руіны абарончых валоў крэпасці (XVI ст.) у в. Суша. Асаблівую архітэктурную каштоўнасць маюць такія помнікі дойлідства, як Царква Святой Параскевы пятніцы (1868) і Касцёл Святога Казіміра (1876) у Лепелі, а таксама будынак пошты (1902) і будынак былога вінаачышчальнага склада (1897) у цэнтры горада.

Актыўна на Лепельшчыне развіваецца аграэкатурызм. Дзейнічае турыстычны маршрут Greenways «Край жоўтых гарлачыкаў і сiвых валуноў», які адпавядае еўрапейскаму стандарту зялёных шляхоў. Паэтычная назва маршруту паходзіць ад гістарычных і прыродных асаблівасцей Лепельскага рэгіёну. Зялёны маршрут «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў» распрацаваны для ўсіх, хто любіць прыроду і актыўны адпачынак, цікавіцца гісторыяй, культурай і этнаграфіяй беларускага народа.

Працягласць маршрута - 155 км. Асноўны від транспарту - ровары. Прадугледжаны лакальныя пешаходныя экалагічныя сцежкі і элементы водных паходаў. Галоўная вось маршруту: Лепель - Стары Лепель - Селішча - Акона - Барсукі - Юшкі - Вілы - Аношкі - Замошша - урочышча Добрая вада - Лацігалічы - Красналукі - Гогалеўка - Валасовічы - Полсвіж - Лепель. Водная частка маршруту праходзіць па рацэ Эса на працягу каля 20 км.

Пакрыццё дорагi на маршруце ў асноўным асфальтаванае, лясныя і вясковыя дарогі складаюць 10%.

Падчас займальнага падарожжа па Лепельшчыне турысты змогуць убачыць:
• Гарадзішча балцкіх плямёнаў I - IV стст.
• Каменныя крыжы ў в. Стары Лепель
• «Дрэва шчасця» і месца гнездзішча папуляцыі шэрай чаплі каля вёскі Акона;
• Каменныя крыжы і культавыя валуны – сімвалы дахрысціянскай эпохі, будынак бровара канец ХIХ стагоддзя, сярэднявечныя могілкі ў вёсках Валасовічы і Таранковічы;
• «Змеяў камень» каля вёскі Гогалеўка.


Тэматычныя завесы маршруту «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў»:
• «Валуны – сведкі сівой даўніны»;
• «Бярэзінская водная сістэма»;
• «Археалагічная спадчына Лепельскай зямлі». (Гэты маршрут можа быць водным, пешым, веласіпедным, камбінаваным);
• «Помнікі прыроды Лепельшчыны»;
• «Азёры Лепельшчыны ў легендах і паданнях» (камбінаваны маршрут па азёрах рэгіёна).

Шырокая культурная праграма па шляху руху маршруту складаецца з канцэртаў, аўтэнтычных песень у выкананні фальклорнага ансамбля «Аконіца» ў вёсцы Акона, каляднай абрадавай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», наведванне сялянскай фермерскай гаспадаркі «Люкшына», якая развівае традыцыйныя старабеларускія формы землекарыстання.



Лепельскі раён мае наступныя магчымасці для размяшчэння турыстаў: 3 гасцініцы - Гасцінічны комплекс «Плаўна», Гасцінічны комплекс «Сергуч», Гасцініца «Лепель» па адрасе: вул. Ульянка 65, Домікі рыбакоў і паляўнічых на тэрыторыі ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік»; санаторыі: ДУ «Лепельскі ваенны санаторый» узброеных сіл РБ на 347 месцаў і КУП «Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына» 484 месца; пансіянат «ЛАДЭ»; Хаткі паляўнічага ДЛГУ «Лепельскі лясгас» на 12 месцаў, Хаткі паляўнічага ТАА Паляўнічая гаспадарка «Заранка» на 20 месцаў.




У Лепелі ёсць Дом культуры, рэстаран, тры бары, чатыры кафэ, паштовае аддзяленне, магазіны, два рынкі, аб'екты бытавога абслугоўвання.

Нядрэнна развіты прыдарожны сэрвіс, асабліва на цэнтральнай магістралі М-3 Мінск - Віцебск. Комплексы прыдарожнага сэрвісу «Гасціны двор», «У Мацешы», кафэ «Сем вятроў», бістро «Віраж», гандлёвыя кропкі з міні-кафэ ў н.п. Старое Лядна, Чарнаручча, Камень, Баброва і інш. На працягу ўсіх сетак дарог абсталяваны стаянкі для адпачынку. Працуюць аўтазаправачныя станцыi для запраўкі аўтатранспарту ўсімі відамі паліва.

Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная дарога Орша - Лепель, аўтамабільныя дарогі Мінск - Віцебск, Лепель - Полацк, Орша - Лепель, Лепель - Ула, Докшыцы - Лепель - Чашнікі.

Па ўсіх пытаннях, якія тычацца турызму ў Лепельскім раёне можна звяртацца ў «Інфармацыйна-турыстычны цэнтр» ДУ «ЛРФАЦ», які размяшчаецца па адрасе: горад Лепель, вул. Лабанка, 52 а. рэжым працы: з 8.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00, выхадныя - субота, нядзеля.

ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік»

ДУ «Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь»

КУП ДРАЦ «Жамчужына»

ДЛГУ «Лепельскі лясгас»

Паляўнічая гаспадарка «Заранка»

Пансіянат «Ладэ»


2024 - год якасцi Праект “Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі» Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці Працаўладкаванне моладзі ў вольны ад вучобы час Анлайн-перамовы Збор прапаноў па праблемных пытаннях заканадаўства Лічбавая бяспека ў Інтэрнеце Прадпрымальнік года Віцебскі аблвыканкам Інвестыцыйная пляцоўка Витебские вести Рэдакцыя раённай газеты "Лепельскі край" Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна ДУА "Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Прафілактыка хатняга гвалту Біяметрычныя дакументы Рэспублікі Беларусь Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Віцебскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду Сацыяльная рэклама Свабодная эканамічная зона "Віцебск"
Адзіны дзяржаўны рэгістр
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
Адзіны партал электронных паслуг